Міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў у эфіры АНТ расказаў, наколькі скарацілася чарга на пратэзаванне суставаў у Беларусі за апошнія месяцы і колькі пацыентаў у ёй цяпер.
Паводле Хаджаева, з 23 траўня мінулага года чарга на пратэзаванне тазасцегнавых суставаў скарацілася на 17%, а на пратэзаванне каленных суставаў — на 10%.
«Па тазасцегнавых суставах у нас існуе чарга — 11 779 чалавек. Па каленных суставах у нас чарга — 14 058 чалавек», — заявіў Хаджаеў.
Выходзіць, што цяпер замены суставаў чакае амаль 26 тысяч чалавек, пры гэтым за апошнія амаль дзевяць месяцаў новыя суставы атрымалі 3,9 тысячы пацыентаў (тазасцегнавыя — 2,4 тысячы, каленныя — 1,5 тысячы).
«Калі глядзець на абсалютныя лічбы, то гэта досыць мала. Калі ж мы паглядзім на комплекс тых мерапрыемстваў, якія былі выкананыя, то гэта значная праца. І на сённяшні дзень больш за 200 спецыялістаў ужо могуць гэта рабіць. І яшчэ на 2024 год 81 спецыяліст будзе гэта рабіць. Гэтая праблема сістэматычна вырашаецца. І яна будзе вырашаная», — запэўніў міністр.
Ён паведаміў, што цяпер Мінздароўя супрацоўнічае з кампаніяй «Палітэхнік», якая сумесна з кітайскай «Вегая» паставіць на рынак Беларусі 4000 пратэзаў тазасцегнавых, 2000 пратэзаў каленных і інструментарый для іх устаноўкі. Калі будзе гэтая пастаўка, не ўдакладняецца.
Нагадаем, у Мінздароўя заяўляюць, што эндапратэзы «Палітэхніка» па якасці не горшыя за імпартныя. Аднак тэлеграм-канал ініцыятывы «Белыя халаты» пісаў пра недастатковы ўзровень і тэрмін клінічных выпрабаванняў узораў. Паводле інфармацыі яго аўтараў, іх праводзілі ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі і ў 6-й ДКБ Мінска ў 2022 і 2023 гадах. «Аддаленых вынікаў, выжывальнасці, зменаў касцяной тканкі, функцыянальнасці і іншых паказчыкаў за гэты час, вядома ж, ніхто вам не дасць», — гаварылася ў публікацыі рэсурсу.
Таксама Хаджаеў у інтэрв'ю тэлеканалу заявіў, што трэба «вырашыць праблему» з розніцай цэн у дзяржаўных і прыватных клініках. Паводле яго, у прыватнікаў цэны на ўсе паслугі занадта высокія — стаматалогія гэта ці УГД.
«Кансультацыя спецыяліста ў арганізацыі аховы здароўя можа пачынацца ад 15 рублёў. Але чамусьці ў прыватных кампаніях яна пачынаецца ад 50 рублёў. У большасці сваёй гэта спецыялісты, якія, не атрымаўшы нейкіх дадатковых ведаў, проста пераходзяць у прыватную сістэму, аказваюць абсалютна тую ж паслугу. Тут, калі структуру ўзяць цаны, прафесійна не будзе ніякіх адрозненняў. Мы мусім быць роўныя перад законам, перад умовамі і ва ўмовах, у якіх мы працуем. Тады, напэўна, і цэны будуць блізкія адна да адной, і сацыяльная нагрузка, і адказнасць нашых прыватных партнёраў будзе крыху іншай, — сказаў Хаджаеў. — Стаіць задача вырашыць праблему».