Германія і «некаторыя іншыя краіны-экспарцёры» вымусілі Еўрасаюз змякчыць новы пакет санкцый супраць Мінска, паведамляе нямецкий партал Tagesspiegel.de.
Са спасылкай на некалькі крыніц выданне ўдакладняе, што «не ўдалося дасягнуць пагаднення пра поўную забарону на экспарт з ЕС транспартных сродкаў», супраць гэтага выступілі Берлін і Парыж.
Адзначаецца, што забарона закране толькі тэхніку, якая «можа быць выкарыстаная ў ваенных мэтах».
Нагадаем, раней выданне Politico са спасылкай на некалькіх еўрапейскіх дыпламатаўпаведамляла, што Германія і Францыя выступаюць супраць намеру Еўрапейскага саюза перакрыць канал паставак люксавых аўтамабіляў у Расію праз Беларусь.
Пасля ўвядзення супраць Расіі санкцый праз уварванне ва Украіну Мінск дапамог Маскве арганізаваць забяспечанне санкцыйнай прадукцыяй. Так, аўтамабілі і запчасткі да іх сталі для Беларусі галоўным артыкулам імпарту ў гандлі з ЕС: Месячныя закупкі выраслі з 50 млн даляраў у студзені 2022 года да 268 млн даляраў у студзені 2024-га. Краіна пачала выконваць функцыі перавалачнага пункта перш за ўсё для машын класа люкс — менавіта іх сегмент прадэманстраваў найбольшы рост.
Напярэдадні, 26 чэрвеня, амбасадары краін Еўрасаюза пры Еўрарадзе ўзгаднілі новы пакет санкцый супраць Беларусі. Чакаецца, што іх могуць зацвердзіць ужо 27−28 чэрвеня на саміце ЕС у Брусэлі, але пытання Беларусі ў яго парадку дня пакуль няма.