Публічныя людзі сёння рэдка знікаюць бясследна. Менавіта таму такі рэзананс выклікала таямнічае знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай. Аднак такія гісторыі ўсё ж здараюцца. Часам за гэтым стаяць відавочныя, але недаказаныя злачынствы, а часам і праз дзесяцігоддзі нічога не ўдаецца высветліць. Расказваем пра тры нашумелыя ў мінулым выпадкі знікнення вядомых беларусаў — папулярнага актора, разведчыка, выпушчанага з ГУЛАГа, і пісьменніка-дваяжэнца.
Як вядома, у 1999−2000 гадах бясследна зніклі апазіцыйныя лідары Юрый Захаранка і Віктар Ганчар, бізнесовец Анатоль Красоўскі і журналіст Дзмітрый Завадскі. Ёсць звесткі і паказанні сведак пра тое, што ўсе яны, будучы апанентамі Аляксандра Лукашэнкі, былі выкрадзеныя падкантрольнымі яму сілавікамі і, імаверна, забітыя. Пра гэтыя знікненні пісалі шмат, у «Люстэрка» ёсць артыкулы пра Завадскага, пра кіраўніка «эскадрону смерці» Дзмітрыя Паўлічэнку і іншых датычных да гэтых падзей, а таксама інтэрв'ю з дачкой Красоўскага. Гэты тэкст не пра згаданыя трагедыі.
Збег з ГУЛАГа, вярнуўся, стаў разведчыкам, знік
Змітрок Астапенка нарадзіўся ў 1910 годзе ў сучаснай Смаленскай вобласці (цяпер гэта Расія, але жылі там і беларусы). У дзяцінстве ён пераехаў на радзіму бацькі — у памежны з Беларуссю Шумяцкі раён той жа вобласці. А потым паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум. Там з’явілася літаратурная група «Мсцiслаўцы» ці, як іх яшчэ называлі, «Амсцiслаўская плеяда»: Аркадзь Куляшоў — той самы аўтар верша «Алеся», які вучаць у школе, Юлій Таўбін і Астапенка. «Яны былi неразлучныя, i бачылi iх заўсёды разам. <…> Многае звяртала на сябе ўвагу ў гэтай садружнасцi: бескарыслiвая ўлюбёнасць пачынаючых вершатворцаў у абранае iмi вясёлае i цяжкое рамяство, iх шчырая, хоць i трохi наiўная, вернасць высокаму культу сяброўства», — пісаў крытык Рыгор Бярозкін.

Праз гады Куляшоў прысвяціў абодвум сябрам пранізлівы твор «Маналог».
Сябры мае! Пад пустак дыванамі
Ці не абрыдла безназоўнасць вам?
Дзе дзверы, што замкнуліся за вамі?
Як вас знайсці? Якіх пытацца брам?
Маўчыць нябыт каменных пліт паважных,
Дзе з надпісаў дажджы змываюць пыл,
Там я блукаў, але імёнаў вашых
Не адшукаў на вокладках магіл.
Няма куды сваю жалобу ўскласці
Ні жонкам, ні знаёмым, ні бацькам.
Сябры мае, хіба аб гэтым шчасці
У маладосці марылася нам?
Фрагмент з твора Аркадзя Куляшова «Маналог»
У 1937-м Юлія Таўбіна расстраляюць (яму было ўсяго 26 гадоў). А вось Астапенка… аповед пра гэта наперадзе.
Скончыўшы тэхнікум, Астапенка атрымаў пасаду ў Кніжнай палаце і працягнуў навучанне на літаратурным аддзяленні сталічнага педінстытута. Разам з іншымі студэнтамі ён уваходзіў у жартоўнае аб’яднанне «ТАВІЗ» — «Таварыства аматараў выпіць і закусіць», а таксама ў літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», потым Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў. У яго выходзілі зборнікі «На ўсход сонца. Першая кніга вершаў» і «Краіне» (1931), «Абураныя» (1932). У наступным годзе была надрукаваная яго кніжка-размалёўка для дзяцей «Трактар». Некаторыя калегі крытыкавалі яго за «панаванне інтымных матываў і захапленне прымітывам сялянскага жыцця».
«Ён быў неардынарнай асобаю, якая прываблівала і сяброў, і, вядома, супрацоўнікаў „органаў“: вывучаў замежныя мовы, чытаў у арыгінале Гайнэ й Міцкевіча, чамусьці цікавіўся фізыкай, тлумачачы гэта працаю над фантастычным раманам, які — „Вызваленне сіл“ — сапраўды быў напісаны і стаўся адным з першых у нашай літаратуры навукова-фантастычных твораў. Ён называў сябе пралетарскім пісьменнікам, але адначасна казаў калегам пра намер уцячы ў Заходнюю Беларусь (тады частка Польшчы. — Заўв. рэд.), каб „пісаць, што яму хочацца, а не выконваць сацыяльны заказ партыі“. Апрача таго, у ОГПУ (потым яго пераўтварылі ў НКУС. — Заўв. рэд.) прыходзілі сігналы, што Змітрок з прыяцелямі слухае ў сваёй кватэры варожыя радыёгаласы», — расказваў пра яго пісьменнік Уладзімір Арлоў. Паводле сваіх поглядаў малады пісьменнік быў беларускім патрыётам. У 1930-м яму прыснілася, што над Домам урада ў Мінску лунае нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.
У 1933-м Змітрака арыштавалі па справе «Беларускай народнай грамады». Гэта была міфічная контррэвалюцыйная арганізацыя, прыдуманая сілавікамі. Па гэтай справе былі арыштаваныя два дзясяткі маладых пісьменнікаў, у тым ліку Сяргей Астрэйка, Уладзімір Дудзіцкі (пра яго мы раскажам ніжэй), Максім Лужанін, Юлій Таўбін, Лукаш Калюга і іншыя.

Астапенку асудзілі на тры гады, аднак ужо праз два адпусцілі (акрамя яго так пашанцавала толькі Лужаніну). Абодва, ратуючы сваё жыццё, згадзіліся супрацоўнічаць са спецслужбамі. У 1936-м Змітрака арыштавалі другі раз. Даведаўшыся пра тое, што на кватэры яго чакаюць сілавікі, ён пайшоў начаваць да аднаго прыяцеля, потым да іншага, але ўсё роўна быў схоплены. Пасля шасці месяцаў допытаў пісьменнік раптам «успомніў» і даў паказанні пра тое, што ў сваёй контррэвалюцыйнай арганізацыі ён з сябрамі абмяркоўваў жыццё ў капіталістычнай Беларусі і нават нібыта прыдумаў штрафаваць там тых, хто карыстаўся рускай мовай. За гэта ён атрымаў восем гадоў і быў адпраўлены ў Сібір. Не вытрымаўшы ўмоваў ГУЛАГа, уцёк з лагера, але, не ведаючы дарогі, вярнуўся назад (за гэта дадалі яшчэ два гады).
Тым не менш у 1942-м Астапенку нечакана вызвалілі, ды яшчэ і дазволілі жыць у Маскве. Там ён напісаў шэраг твораў, якія перадаў паэту Максіму Танку. Хутчэй за ўсё, выхад на волю зноў не абышоўся без спецслужбаў, бо праз два гады, у канцы верасня 1944-га, Змітрака ў складзе групы разведчыкаў закінулі ў Славакію. 7 кастрычніка групу адправілі на заданне, пасля чаго ніякіх звестак пра іх больш не было.
Здавалася б, Астапенка загінуў. Аднак Куляшоў лічыў, што бачыў яго пасля вайны. «Знаёмы твар (Змітрака Астапенкi) неяк прамiльгнуў у вiрлiвым маскоўскiм натоўпе», — расказваў ён. Можа, гэта была ілюзія, жаданне знайсці памерлага сябра? Аднак таксама была інфармацыя, што Астапенка, знаходзячыся ў Славакіі, даслаў ліст у Берлін, у рускую калабаранцкую газету. Адтуль дакумент перадалі ўжо ў беларускую калабаранцкую газету, дзе тады працаваў пісьменнік Масей Сяднёў. У лісце была просьба пра дапамогу.
«Што гэта было? Правакацыя? Аперацыя савецкай разведкі? Ці Астапенка сапраўды спрабаваў уцячы на Захад, як думалі некаторыя?» — задаваліся пытаннямі ў сваім артыкуле архівіст Віталь Скалабан і журналістка Людміла Рублеўская. І цытавалі Сяднёва: «Ад Змiтрака ўсяго можна было чакаць, чалавек ён быў неардынарны, адукаваны, таленавiты, адчайны. Ён неаднаразова ўцякаў. Усё магло здарыцца, калi апынуўся ў Славакii, мог ён там не загiнуць».
Ёсць яшчэ адзін факт: Астапенку досыць хутка рэабілітавалі: па першай справе — у 1956-м, па другой — наогул у 1954-м. Многія чакалі такога вердыкту дзесяцігоддзямі. Магчыма, літаратару-разведчыку ў нейкі момант дазволілі знікнуць і пачаць новае жыццё. Ці так гэта — пакуль пацверджанняў няма.
Алкаголь, манія пераследу і дзве жонкі адначасова
Сапраўднае імя паэта Уладзіміра Дудзіцкага — Уладзімір Гуцько. Нарадзіўся ён у 1911-м на тэрыторыі сучаснага Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці ў вёсцы Дучычы — адсюль і псеўданім. Самую поўную біяграфію гэтага літаратара напісаў даследчык Лявон Юрэвіч, які да таго ж сабраў яго творы пад адной вокладкай. Менавіта на яго працу мы і будзем спасылацца.

Адукацыю Уладзімір атрымаў у мінскай школе-сямігодцы і ў «кузні беларускіх кадраў» — сталічным педагагічным тэхнікуме, куды паступіў у 1927-м. Там у яго сярод іншых выкладаў класік беларускай літаратуры Якуб Колас. Аднак неўзабаве ўлады пачалі барацьбу з прадстаўнікамі нацыянальнай культуры. Дудзіцкага выключылі. Паступова рэпрэсіі ўзмацняліся. У 1933-м яго арыштавалі па той самай справе, што Астапенку, і асудзілі на тры гады лагераў (у 1956-м ён быў рэабілітаваны). Падчас ператрусу знік падрыхтаваны ім да друку першы зборнік паэзіі. Пасля вызвалення яго выслалі на два гады ў Цэнтральную Азію, але ў канцы 1937-га датэрмінова вызвалілі ў сувязі з перанесенай малярыяй.
Па дарозе дадому ў Дудзіцкага скралі пашпарт, таму па прыбыцці ў Мінск яго зноў арыштавалі і прапанавалі з’ехаць са сталіцы. Уладзімір выбраў Віцебск, уладкаваўся там настаўнікам — і неўзабаве быў звольнены. Вярнуўся ў Мінск — вынік быў той самы.
Пісьменнік усвядоміў, што за савецкай уладай будучыні ў яго ў гэтай краіне няма. Калі пачалася Другая сусветная вайна і немцы акупавалі Беларусь, ён пачаў працаваць у падкантрольных ім структурах. Быў загадчыкам аддзела культуры Мінскай гарадской управы, потым займаў аналагічную пасаду ў Барысаве, пасля вярнуўся ў сталіцу, дзе ўвайшоў у склад створанай нацыстамі Беларускай цэнтральнай рады, узначальваў аддзел прапаганды Беларускай краёвай абароны (калабаранцкай вайсковай арганізацыі).
Калега Дудзіцкага Яніна Каханоўская так успамінала пра яго: «Гэта п’яніца і авантурнік. <…> Ён быў прыгожым мужчынам, добра рэпрэзентаваўся. І добры беларус, шчыры, адданы. Але маральна… Гэта хвароба бальшыні нашых людзей — п’янства». Паводле яе ж, у Мінску ва Уладзіміра было дзве жонкі, якія жылі ў розных раёнах горада.
Як піша Юрэвіч, Дудзіцкі быў адным з арганізатараў выхаду «Беларускай газеты», удзельнічаў у беларусізацыі мясцовых школ і тэатра, які працаваў у Мінску.
Пры гэтым Уладзімір хутка страціў ілюзіі што да нацыстаў. Удзельнічаў у стварэнні «Беларускай незалежніцкай партыі», якая выступала як супраць камуністаў, так і супраць немцаў. Аднак нянавісць да СССР была мацнейшая. Акрамя таго, партызаны, не пераканаўшы Уладзіміра супрацоўнічаць з імі, забілі яго маці.
У выніку з адступленнем немцаў Дудзіцкі з’ехаў на Захад, спачатку ў Германію. Там у канцы вайны — «мо праз сваю авантурнасць, а мо ад неспатоленай прагі надалей працягваць змаганне з Саветамі», пісаў Юрэвіч — ён далучыўся да структураў расійскага генерала Андрэя Уласава. У яго Расійскай вызваленчай арміі Уладзімір прасоўваў стварэнне беларускіх аддзелаў. Гэтая спроба аказалася няўдалай, але яго яшчэ доўга абвінавачвалі ў здрадзе беларускай нацыянальнай ідэі.
Прайшоўшы пасля вайны фільтрацыйныя лагеры, Дудзіцкі эміграваў у Венесуэлу. Менавіта там ён упершыню прапаў. Як пазней высветлілася, у Венесуэле Уладзімір знайшоў сабе жонку, потым сышоў да іншай жанчыны, якая мела трох дзяцей. Муж апошняй скончыў жыццё самагубствам. Кінутая жонка Уладзіміра дабілася яго звальнення, і ён з’ехаў у правінцыю, спрабуючы зарабіць сабе і новай сям'і на пражытак.
У 1956 годзе Дудзіцкага запрасілі ў Мюнхен, дзе ён узначаліў «Радыё Вызваленне» (праз тры гады яго перайменавалі ў «Радыё Свабода»). Тады ў яго пачала праяўляцца манія пераследу. Аднойчы жонка Уладзіміра патэлефанавала яго калегу з просьбай тэрмінова прыйсці. Той знайшоў жонку і дзяцей на лесвіцы, а Дудзіцкі, п’яны, нешта шукаў у кватэры. Калі ён і калега выйшлі на двор, Уладзімір прызнаўся: «Даражэнькі, нічога не магу зрабіць: як прыходжу з працы, заўсёды здаецца, што за дзвярыма НКВДыст стаіць і чакае».
Такія паводзіны, пагоршаныя п’янствам, прывялі да таго, што ў 1962-м Дудзіцкі сышоў з пасады дырэктара і з’ехаў у Нью-Ёрк. Пазней ён працаваў выкладчыкам у штаце Індыяна. Пасля 1976 года яго сляды губляюцца. Пра далейшы лёс існуе некалькі версій.

Паводле першай, праз настальгію Дудзіцкі сам вярнуўся на радзіму. Паводле другой, ён з’ехаў у Аргенціну, дзе было шмат прасавецкіх эмігрантаў, і там, будучы п’яным, быў вывезены ў той жа СССР. Паводле трэцяй версіі, ён проста сышоў з сям'і.
«На цвярозы лад, не мог чалавек з біяграфіяй Дудзіцкага ў часе Другой сусветнай вайны ды з такой нянавісцю да Саветаў настолькі засумаваць па Беларусі, каб паехаць туды! На гэта не наважыўся нават самы прасавецкі з эміграцыйных паэтаў, Уладзімер Клішэвіч (ён прыязджаў у Беларусь, але так і не пераехаў туды. — Заўв. рэд.). Тым больш — Дудзіцкі, з ягонай маніяй пераследу, з абсалютна рэальным усведамленнем, што менавіта чакае па вяртанні яго — былога прапагандыста ў акупаваным Мінску, дырэктара Радыё „Вызваленне“», — пісаў Лявон Юрэвіч.
На яго думку, Дудзіцкі сваім знікненнем вырашыў сямейныя праблемы, кінуўшы жонку з дзецьмі — магчыма, дзеля новага кахання і новай краіны. Што з ім адбылося, мы не ведаем — засталіся толькі яго творы.
Навучанне ў Баталава, здымкі ў кіно і фатальная паездка ў Германію
Андрэй Бубашкін нарадзіўся ў 1958-м у Лідзе. Акторству ён вучыўся ў маскоўскім УДІКу (ВГИК) у майстэрні Аляксея Баталава, які праславіўся здымкамі ў фільмах «Летят журавли» і «Москва слезам не верит». Андрэй быў адным з яго любімых вучняў.

Пасля заканчэння ВНУ Бубашкін у 1986-м трапіў у мінскі Тэатр-студыю кінаактора, дзе і граў, паралельна здымаючыся ў кіно. На яго рахунку як мінімум 40 фільмаў. Сярод іх галоўныя ролі ў карцінах «Невероятный случай» (1989) і «Под кличкой „Ика“» (1997), ролі ў «Мудрамеры» і «Плачы перапёлкі», эпізод у серыяле «Зал ожидания». Адзін з іх, беларуска-азербайджанскі фільм «Под кличкой „Ика“», аказаўся вельмі запатрабаваным у гэтай каўказскай краіне — яго паказвалі кожны год 20 студзеня (у той дзень у 1990-м часткі савецкай арміі ўвайшлі ў Баку, здушыўся пратэсты, тады загінулі 137 чалавек).
У тэатры ж найбольшай папулярнасцю карыстаўся монаспектакль Бубашкіна «Любовь смешного человека» паводле апавядання Фёдара Дастаеўскага «Сон смешного человека». Пастаноўка праходзіла з аншлагамі. Мастак Уладзімір Уродніч стварыў па яго матывах карціну, на якой выявіў дыялог расійскага пісьменніка і беларускага актора.

Паралельна з працай у сталіцы Бубашкін — прыкладна з 1996 года — пачаў супрацоўнічаць з Мінскім абласным драмтэатрам у Маладзечне. «Граў ролі ў асобных спектаклях рэпертуару таго часу. Паставіў драму [нямецкага драматурга] Танкрэда Дорста „Гер Паўль“. П’еса вельмі складаная для нашага менталітэту і ўспрымалася ў першую чаргу як канфлікт паміж маладым пакаленнем, у якога ёсць свежыя, як прынята цяпер казаць, інавацыйныя ідэі, за якім стаіць капітал, і пакаленнем, што адыходзіць і перашкаджае з’яўленню ўсяго новага. Гэты адзін з самых характэрных спектакляў маладога тэатра быў паказаны на Фестывалі нямецкай драматургіі, які арганізаваў Інстытут імя Гётэ — нямецкі культурна-асветніцкі цэнтр (Мінск)», — расказваў калектыў у сваіх сацыяльных сетках.
«Андрэй Бубашкін выходзіў на сцэну ў вобразе то Сакрата, то шарлатана, ужываючыся на экране ў ролі святых, бандытаў і алкаголікаў. Уводзіўся ў спектаклі замест калегі, забітага ў крымінальных разборках, і здымаўся побач з зоркамі савецкага кінематографа, падыгрываючы бізнесоўцу, які набыў сабе цэнтральнае месца ў кадры. Асвойваў бізнес, якім заняліся яго аднакурснікі з УДІКа, вельмі далёкі ад падмосткаў і здымачных пляцовак (гаворка пра ювелірную справу. — Заўв. рэд.), і паралельна пісаў сінопсісы да фільмаў, якія калі-небудзь марыў зняць сам», — пісала пра яго журналістка Ірына Завадская.
Вясной 1999 года Бубашкін паехаў у нямецкі Мюнстэр на гастролі са сваім спектаклем «Любовь смешного человека». Туды яго запрасіў сябар і аднакурснік з УДІКа. Заробленых грошай хапіла, каб купіць машыну «Хонда», адзенне жонцы і дзецям, ежы. Сабе актор набраў альбомаў па мастацтве. Перад ад’ездам пазваніў жонцы Элеаноры і папярэдзіў, каб чакалі яго ў Мінску.
Андрэй перасёк мяжу Германіі і Польшчы, пасля чаго знік. Тады здаралася, што на адзіночных кіроўцаў нападалі банды, таму перагоншчыкі аўтамабіляў аб’ядноўваліся ў вялікія караваны па 10−20 машын, каб у выпадку чаго абараніцца разам. Аднак Бубашкін паехаў адзін. Афіцыйна днём знікнення лічыцца 30 траўня 1999 года.

Пазней нанятае прыватнае дэтэктыўнае агенцтва знайшло той самы аўтамабіль у Калінінградзе — новы ўладальнік купіў яго ў Польшчы. Аднак высветлілася, што машыну перапрадалі некалькі разоў за кароткі прамежак часу, і нітка пошукаў абарвалася.
«Магчыма, мяне не зразумеюць, але я ні пра што не шкадую. Магчыма, жыццё выпрабавала б мяне ў нечым іншым. Але ў мяне застаўся цудоўны сын, які так падобны да Андрэя. Вонкава, сваім пачуццём гумару, канцэртамі, якія ладзіць для мяне вечарамі, як гэта рабіў калісьці яго бацька», — расказвала яго жонка Элеанора Бубашкіна, вядомая мастачка. Мікіта Бубашкін, калі вырас, таксама заняўся творчасцю: скончыў Акадэмію мастацтваў, стаў гукарэжысёрам і сабраў свой гурт Groove Dealer. Але што стала з яго бацькам, невядома дагэтуль.
Чытайце таксама


