Святлана Ціханоўская хацела б сустрэцца з прадстаўнікамі палка Каліноўскага, але не можа прыехаць туды праз адсутнасць запрашэння з украінскага боку. Пра гэта яна расказала «Люстэрку» на прэс-канферэнцыі Аб’яднанага пераходнага кабінета.
— Мы праз майго прадстаўніка на сувязі з палком Каліноўскага на пастаяннай аснове. Мы ведаем, што там адбываецца. Гэты кантакт ёсць. Я з задавальненнем сустрэнуся з прадстаўнікамі палка — мне здаецца, такая сустрэча запланаваная найбліжэйшым часам. На жаль, на тэрыторыі Украіны гэта пакуль немагчыма: у сілу абставінаў я не магу туды прыехаць. Але я буду вельмі радая: гэта будзе мая першая сустрэча з кіраўнікамі палка, калі яна здарыцца, — дадала Святлана Ціханоўская. — Не магу сказаць, што ў нас зусім няма камунікацыі, проста трэба ўзмацняць узаемадзеянне.
— Якія абставіны вы маеце на ўвазе?
— Для таго каб уехаць на тэрыторыю іншай дзяржавы, мне патрэбнае афіцыйнае запрашэнне ад МЗС. Пакуль украінскі бок не гатовы нам такое запрашэнне забяспечыць.
— Пры гэтым як я разумею, Зянону Пазняку такое запрашэнне выдалі?
— Я думаю, яму такое запрашэнне не патрэбнае: у мяне статус афіцыйнага госця Літвы, і, для таго каб літоўскі бок мог арганізаваць візіт у іншую краіну, мусіць быць камунікацыя на ўзроўні МЗС.
— Калі гэтая камунікацыя вырашыцца ў станоўчы бок, вы будзеце гатовыя прыехаць ва Украіну і сустрэцца з прадстаўнікамі палка?
— Абсалютна.
— Магчыма, украінскія палітыкі ці людзі, набліжаныя да Офіса Зяленскага, у кулуарах называлі вам рэальныя прычыны, чаму ў іх не атрымліваецца сустрэцца з вамі на самым высокім узроўні? Вы таксама сказалі пра запрашэнне ад МЗС, якое вам не могуць выдаць…
— Не, у кулуарных размовах усё гаворыцца па сутнасці, і такія пытанні некарэктна задаваць: «Чаму вы нас не запрашаеце?» Мы з разуменнем ставімся да гэтага рашэння. Мы разумеем, што ўкраінскі бок цяпер, напэўна, трохі асцярожнічае праз тое, што ў іх ідзе вайна і адкрыццё другога фронту — гэта вельмі крытычна ў выпадку Украіны. Таму я магу гэта растлумачыць толькі асцярожнай пазіцыяй.
Журналістка «Люстэрка» таксама спытала Святлану Ціханоўскую, як Кабінет рэагуе на закрыццё пункта пропуску «Баброўнікі — Бераставіца».
— Ці вядзе Кабінет перамовы з польскімі ўладамі наконт таго, каб пакінуць для беларусаў гуманітарны калідор у выпадку закрыцця іншых пунктаў пропуску?
— Калі гаворка ідзе толькі пра грузаперавозкі, мы цалкам падтрымліваем гэтую ініцыятыву. Мы сёння бачылі навіны, што ў Літву заехалі дзве фуры з санкцыйнымі таварамі. Што да звычайных грамадзян, то мы заўсёды кажам, што людзі мусяць бесперашкодна заязджаць і выязджаць з Рэспублікі Беларусь.
Мы ўдакладнілі, ці ёсць у Кабінета інфармацыя наконт закрыцця пунктаў пропуску з Беларуссю з боку іншых краін.
— Мы правялі кансультацыі з шэрагам партнёраў, перш за ўсё з Літвой. Я не маю права казаць за ўрады або за міністэрствы замежных справаў гэтых краін. Таму я думаю, што правільна, каб гэтае пытанне вы задалі МЗС або ўраду Літвы і Латвіі, — пракаментаваў прадстаўнік Кабінета Павел Латушка. — Але яшчэ раз кажу: гэта залежыць не ад нас. Мы звярнуліся з адпаведным публічным заклікам.
Журналістка «Люстэрка» таксама спытала ў прадстаўніка сілавога блока Аляксандра Азарава, на якім этапе цяпер знаходзіцца план «Перамога», і папрасіла яго назваць нейкія вынікі працы ў гэтым кірунку.
— План першапачаткова распрацоўваўся пад іншыя ўмовы, калі не было вайны ва Украіне, і ніхто не думаў, што гэтая вайна будзе. Таму цяпер мы займаемся перафарматаваннем плана, мы прыбіраем некаторыя спецыяльныя аперацыі, некаторыя перарабляем, дадаём новыя. То-бок цяпер праца над планам працягваецца, — адказаў Аляксандр Азараў. — Многія кажуць: «Чаму вы не запусцілі план?» Ён не запускаецца пад пэўныя даты, ён можа быць запушчаны толькі пад пэўныя падзеі. Калі беларусы будуць гатовыя нешта рабіць у краіне, а не як цяпер — сядзець па дамах і баяцца. Калі цяпер запускаць план, адпаведна, людзі паглядзяць у акно і застануцца сядзець дома, падумаюць: «Няхай хтосьці ідзе, я потым пагляджу». А мы мусім скарыстацца сітуацыяй, калі людзі захочуць зноў выходзіць на вуліцы, захочуць пратэставаць і будуць прасіць план. Таму мы мусім быць гатовыя да гэтага моманту. Мы чакаем гэтага моманту. Вядома, можна яшчэ штучна крыху дапамагчы, каб ён адбыўся. У нас распрацаваныя такія моманты. Але цяпер, пры наяўнасці расійскіх войскаў, пры наяўнасці таго, што Лукашэнка плануе ўступіць у сухапутную ваенную аперацыю ва Украіне, запускаць план — гэта самагубства. Таму мы чакаем пэўнага спрыяльнага моманту і рыхтуемся да яго. Мы займаліся баявой падрыхтоўкай беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой. Цяпер мы ўжо адправілі частку тых, хто прайшоў падрыхтоўку, ва Украіну для атрымання баявога досведу. То-бок мы працягваем працаваць у гэтым кірунку.
— Пры тым узроўні рэпрэсій, які цяпер захоўваецца ў Беларусі, мне вельмі цяжка ўявіць, што такая нагода ў прынцыпе з’явіцца. Я не ўяўляю, што беларусы найбліжэйшым часам масава выйдуць на вуліцы. Што калі гэтай падставы проста не будзе? Што вы будзеце рабіць тады?
— Гэта рытарычнае пытанне. Мы мусім быць гатовымі да гэтага моманту, і мы рыхтуемся да яго. Вось і ўсё. І рукі не складзём і не кінем нашую працу на нас. На нас надзея ўсіх беларусаў. Няхай яны ведаюць, што мы будзем працягваць да канца, пакуль Лукашэнка не сыдзе, пакуль мы яго не прыбяром ад улады, пакуль у Беларусі не наступіць дэмакратыя.
Чытайце таксама


